У рамках праекта “Кніга пачынаецца з пісьменніка” у нашай бібліятэцы адбылася літаратурная сустрэча з беларускімі пісьменнікамі Уладзімірам Мазго і Ірынай Карнавухавай.
Уладзімір Мінавіч Мазго – аўтар многіх цікавых кніг, вельмі займальны апавядальнік і добры суразмоўца, ён расказаў пра сябе і пра сваё дзяцінства, пазнаёміў дзяцей са сваімі кнігамі: «Смехапад»,«Суседзі па сусвеце», «Таямнічая планета», «Вавёркі лушчаць зоркі» і іншымі, прачытаў свае вершы. Дзеці ўважліва слухалі аўтара, а пасля спаборнічалі ў адгадванні загадак, прапанаваных пісьменнікам з кнігі «Загадкавая азбука». У зале аказаўся хлапчук-аднафамілец Уладзіміра Мазго, пра што ён не прамінуў сказаць. У канцы сустрэчы наш госць падарыў сваю кнігу з аўтографам Цімафею Мазго, вучню 3 класа.
Ірына Аляксандраўна на пачатку размовы прапанавала рабятам пазнаць себе ў вершах з кнігі «Азбука дабрыні», а потым распавядала пра свае кнігі для дзяцей. Асаблівую цікавасць выклікалі «Байкальскія гісторыі». Аўтар расказала, як выспела ідэя стварэння гэтых кніг, адказала на пытанні чытачоў.
Сустрэча прайшла ў дзіўнай цёплай абстаноўцы, напрыканцы жадаючыя маглі набыць кнігу з аўтографамі нашых гасцей і зрабіць фотаздымак на памяць.