16 мая ў рамках бібліятэчнага праекта “Кніга пачынаецца з пісьменніка” адбылася творчая сустрэча з дзіцячай пісьменніцай-казачніцай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам Нацынальнай літаратурнай прэміі Кацярынай Хадасевіч-Лісавой. Удзельнікі сустрэчы – вучні 4 класаў ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Докшыцы”. Сустрэча прайшла жыва, весела і цікава. Кацярына Хадасевіч-Лісавая, яна ж – Кніжная фея, з першай хвіліны завалодала ўвагай чытачоў. Разам з пісьменніцай у госці да нас завіталі героі яе кніг — лісачка Красуня і жыхар таямнічай планеты Вухуцік.
Кніжная фея пазнаёміла дзяцей са сваімі героямі і расказала, што раней Лісачка жыла ў мегаполісе, а потым пасялілася ў Дзівосным лесе, дзе яе выхавацелем стаў добры Мядзведзь. І вось аднойчы Лісачка не захацела ісці ў школу. Вядома ж, у школу падчас не хочацца ісці не толькі лясным жыхарам. Вось тут і пачалося самае цікавае . Удзельнікі сустрэчы наўзахваткі выказвалі свае меркаванні, што ж можа здарыцца, калі не пайсці ў школу. Пісьменніца заінтрыгавала рабят, пакінуўшы пытанне адкрытым, адказ прапанавала пашукаць у кнізе.
А вось Вухуцік перш чым расказаць пра сябе, павітаўся з прысутнымі таемным прывітаннем “Вуху”. Потым разам з Вухуцікам праз міжпрасторавы партал нашы чытачы пабывалі на іншых планетах і паспрабавалі выканаць вясёлыя заданні. Вось так займальна Кацярына Станіславаўна прэзентавала свае кнігі, у якіх ёсць не толькі тэкст ды ілюстрацыі, а QR-коды з буктрэйлерамі і цікавай інфармацыяй, нават можна згуляць у пэўную гульню, звязаную са зместам кнігі
Доўга нашы чытачы не адпускалі пісьменніцу, задавалі розныя пытанні, бралі аўтографы і фатаграфаваліся на памяць.
Да сустрэчы была аформлена кніжная выстава “У каралеўстве Кніжнай Феі”, на якой былі прадстаўлены кнігі Кацярыны Хадасевіч -Лісавой. Дарэчы, кніг на ёй амаль не засталося, іх разабралі чытачы. Вось гэта і есць сапраўдны паказальнік эфектыўнасці сустрэчы. Кнігі нашай госці сапраўды вельмі цікавыя, вучаць сябраваць, быць добрым, шчырым, адказным і цікаўным.