У дзіцячай бібліятэцы адбылася дыялогавая пляцоўка “Я – грамадзянін Беларусі”. Вядома, што нашы людзі – гэта самы вялікі скарб нашай краіны. Беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч з павагай і любоўю сказаў пра наш народ: “Жывы, разумны, працавіты і вольналюбівы беларускі народ! Беларус адрозніваецца шчодрасцю, гатоўнасцю заўсёды прыйсці на дапамогу ў бядзе”.
Разам з вучнямі 8 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Докшыцы” мы распавялі гутарку пра тое, што значыць быць грамадзянінам сваёй краіны. Разам мы прыйшлі да высновы, што грамадзянін – гэта чалавек, які мае не толькі правы, але і абавязкі. Гэта чалавек сумленны, які не парушае законы і нясе адказнасць за свае ўчынкі.
У ходзе дыялогавой пляцоўкі мы паразважалі, чым наша моладзь можа ганарыцца і выслухалі розныя меркаванні. Хтосьці ганарыцца прыродай Беларусі, яе лясамі і рэкамі, хтосьці – сваім родным горадам. Але каб ганарыцца сваім краем, трэба яго ведаць. Для гэтага была праведзена інтэлектуальная гульня-віктарына “Беларусь: гісторыя і сучаснасць”. Яе мэтай стала праверка ведаў удзельнікаў пра найбольш знакамітыя гісторыка-культурныя, прыродныя і прамысловыя аб’екты нашай краіны. За кожны правільны адказ удзельнікі гульні-віктарыны атрымлівалі фрагмент спілс-карты Віцебскай вобласці, якія пасля заканчэння патрэбна было скласці ў адно цэлае.
Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава “Ганаруся, што беларусам завуся”, на якой былі прадстаўлены кнігі пра нашу краіну, яе прыроду, гісторыю і сучаснасць. Дыялогавая пляцоўка пашырыла веды і ўзняла пачуцці патрыятызму ў сэрцах нашых дзяцей. Мы ўпэўнены, што такія сустрэчы спрыяюць фарміраванню любові да Радзімы і павагі да яе багаццяў.












