Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы ў дзіцячай бібліятэцы працягваецца. Чытачы бібліятэкі, вучні 7 класаў ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Докшыцы”, якія завіталі на наша мерапрыемства, апынуліся на сапраўдным спаборніцтве знаўцаў сваёй краіны. Свая гульня “Мая васільковая Беларусь” стала нагодай для таго, каб пазнаць нешта новае пра беларускую мову, літаратуру і культуру.
У ходзе мерапрыемства мы прапанавалі дзецям адчуць сябе словаведамі: растлумачыць значэнне слоў грэбля, поплаў, каснік і іншых. Цікава ім было даведацца пра сімволіку беларускага ручніка, пазнаць пісьменніка па партрэту, адгадаць загадкі – хітрынкі, адказаць на пытанні пра мінулае і сучаснае нашай краіны, пагуляць у гульню з бульбай. За кожнае выкананае заданне ўдзельнікі мерапрыемства атрымлівалі пялёстак васілька, у выніку і атрымалася ў нас “васільковая Беларусь”. На працягу сустрэчы гучалі вершы пра нашу беларускую мову, як доказ таго, што родная мова – бясцэнны скарб, якім усе павінны ганарыцца і які павінны шанаваць.












