Галоўны аб`ект увагі на гэтым тыдні ў бібліятэцы – наша родная беларуская мова. Працягваецца акцыя “Чытаем разам па-беларуску”, бібліятэкары прапануюць чытачам засяродзіць асаблівую ўвагу на кнігах на роднай мове, штодзень праходзяць мерапрыемствы, якія накіраваны на папулярызацыю і захаванне беларускай мовы.
Захапляльна прайшла экспрэс – віктарына “Маленькім чытачам пра вялікую Беларусь”. У госці да чытачоў малодшага школьнага ўзросту завітаў Дзед Абыдзісвет, які абышоў увесь свет, шмат бачыў, шмат ведае і ён зазначыў, што самая лепшая краіна – родная, а самыя цікавыя кнігі – на роднай мове. Дзед Абыдзісвет расказаў пра гарады і славутыя мясціны нашай краіны, успомніў нацыянальныя сімвалы Беларусі, усе разам разгадалі загадкі, пагулялі ў беларускія гульні. Дадому кожны з дзяцей пайшоў з кнігай на беларускай мове.












